Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Агінскі Міхал Клеафас

Агінскі Міхал Клеафас

Агінскі Міхал Клеафас (7.10.1765 — 15.10.1833), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. У 1802-1823 гг. жыў у маёнтку Залессе на Смаргоншчыне. У той час гэты асяродак культуры і мастацтва называюць “Паўночнымі Афінамі”.

Род Агінскіх, да якога належаў Міхал Клеафас, быў адным з самых старажытных на Беларусі. Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся ў маёнтку Гузаў каля Варшавы. Сям’я належала да вышэйшых арыстакратычных колаў, таму з першых гадоў жыцця хлопчык далучыўся да інтэлектуальных і мастацкіх каштоўнасцей, у тым ліку музыкі. Першыя музычныя ўражанні Агінскага былі звязаны з наведваннем Слоніма, дзе яго сваяк Міхал Казімір Агінскі ўтрымліваў тэатр еўрапейскага ўзроўню, на сцэне якога ішлі лепшыя тагачасныя оперы і балеты. Міхал Клеафас атрымаў рознабаковую адукацыю і зрабіў бліскучую кар’еру. Агінскаму не было і 20 гадоў, калі ён стаў дэпутатам сейма. У якасці паўнамоцнага прадстаўніка Рэчы Паспалітай Агінскі пабываў у многіх краінах Еўропы, дзе ў першую чаргу знаёміўся з музычным жыццём. Яму пашчасціла асабіста ведаць Гайдна і Моцарта, браць урокі ў славутых выканаўцаў, слухаць Н. Паганіні і іншых віртуозаў.

Пералом у жыцці Міхала Клеафаса наступіў у 1794 г., калі ён увайшоў у Нацыянальны савет у якасці віленскага дэлегата і ў складзе аднаго з вайсковых фарміраванняў, створаных на яго ўласныя сродкі, змагаўся на баку касцюшкаўскіх паўстанцаў. Палітычны лёс Агінскага-змагара склаўся трагічна: пасля задушэння паўстання пачаўся сямігадовы шлях эмігранта-выгнанніка. Канец яго блуканням паклаў новы палацавы пераварот у Расіі. Пасля ўступлення на трон Аляксандра I, у Агінскага з’яўляецца рэальная магчымасць вярнуцца на радзіму і прадоўжыць грамадска-палітычную і мастацкую дзейнасць. Яму, як і ўсім выгнаннікам, вярталіся ранейшыя маёнткі. У 1801 г. у Гародні ён прысягае на вернасць рускаму імператару і ў лютым 1802 года прыязджае ў Пецярбург.

28 красавіка 1802г. Міхал Клеафас Агінскі едзе ў в. Залессе, у падараваны яму маладзечанскім графам Францішкам Ксаверыем Агінскім даўні родавы маёнтак. Атрымаўшы магчымасць жыць на Беларусі і ўзаконіўшы свае правы нашчадка, князь Міхал, напэўна, з надзеямі на лепшую будучыню, пачынае новы этап жыцця: стварае новую сям’ю, аднаўляе занядбалую дзядзькаву гаспадарку. Залессе ператварылася ў сапраўдны культурны цэнтр, жыццё якога поўнілася музычнымі падзеямі. Мастацкая атмасфера спрыяла творчасці: Агінскі працуе над камерна-вакальнымі і інструментальнымі мініяцюрамі, пачынае пісаць свае літаратурныя творы - чатырохтомныя “Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.”, у якіх ён неаднаразова падкрэсліваў сваё ліцвінскае паходжанне (выдадзены ў Парыжы ў 1827-1828 гг.) і трактат “Лісты пра музыку” (закончаны ў 1828 г.). Менавіта тут, у Залессі, Агінскі напісаў свой славуты паланез “Развітанне з Радзімай”. У 1817 годе ў Вільні надрукаваны два зборнікі паланезаў і рамансаў.

У 1810 г. Агінскі атрымаў ад Аляксандра I пасаду сенатара Расійскай імперыі і чын тайнага саветніка, ордэны св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага. У маі 1811 г. ён падаў цару праект пра заснаванне Вялікага герцагства Літоўскага, якое павінна было аб’яднаць восем губерняў. Аднак Аляксандр I праект адхіліў. У чэрвені 1812 года Агінскі адступае разам з рускімі войскамі ў Пецярбург. Пасля вайны з Напалеонам ён вяртаецца ў Залессе, дзе застаецца да 1822 года, паціху адыходзіць ад палітычных спраў.

У 1822 г. Агінскі з сям'ёй пакінуў Беларусь назаўсёды і выехаў у Італію. Пачаўся заключны, фларэнтыйскі этап жыцця кампазітара. Цяпер яго галоўнай справай становіцца літаратурная і музычна-рэдактарская дзейнасць. Памёр кампазітар 15 кастрычніка 1833 года, быў пахаваны на кляштарных могілках пры храме Санта Марыя Навэла, пазней перапахаваны ў пантэон Санта Крочэ. У красавіку 1996 года у Фларэнцыі, на доме, дзе жыў Агінскі, адкрылася мемарыяльная дошка (скульптар В. Янушкевіч). Былая сядзіба Агінскіх, гэтыя “Паўночныя Афіны” (як яе называлі сучаснікі кампазітара), перайшла ў падпарадкаванне Міністэрства культур, з 1990 года тут святкуюцца ўгодкі яе былога гаспадара, закончана рэстаўрацыя.