Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Бакст Леў Самойлавіч

Бакст Леў Самойлавіч

Бакст Леў Самойлавіч (09.05.1866, г.Гродна - 27.12.1924), тэатральны мастак, жывапісец і графік. Сапраўднае імя – Розенберг Лейб-Хаім Ізраілевіч.

Леў Бакст нарадзіўся 9 мая 1866 г. у Гродне ў сям’і дробнага гандляра (па меркаванні гродзенскіх краязнаўцаў сям ’я Розенберг пражывала ў раёне сучасных вуліц Савецкая ці Замкавая). Пасля нараджэння будучага мастака пераехалі ў Пецярбург. Вучыўся ў 6-й Пецярбургскай гімназіі, Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў (1883-1887 гг.), парыжскіх студыях Ж.Л.Жэрома і Р.Жульена (1893-1897), пазней – у фінскага мастака А.Эдэльфельта.

Л.Бакст атрымаў шырокую вядомасць дзякуючы сваім творам у кніжнай графіцы, станковым жывапісе і тэатральна-дэкаратыўным мастацтве.

У канцы 1890-х - пачатку 1900-х гадоў ён працаваў у Маскоўскім мастацкім тэатры, Аляксандраўскім тэатры, ствараў партрэты, кніжныя ілюстрацыі, выступаў як мастак-графік. Быў актыўным удзельнікам аб’яднання “Свет мастацтва”, супрацоўнічаў з часопісамі “Свет мастацтва”, “Залатое руно”, “Апалон”. Першым спектаклем, для якога Бакст стварыў дэкарацыі і касцюмы, стаў балет “Сэрца маркізы” для імператарскіх тэатраў у пастаноўцы вядомага балетмайстра М.Петыпа.

У 1902 г. выконваў заказ цара Мікалая II на напісанне карціны “Сустрэча рускіх маракоў у Парыжы”.

У 1906-1909 гг. выкладаў жывапіс у прыватнай мастацкай школе Л.М. Звягінцавай у Пецярбургу, сярод яго вучняў – М.Шагал.

З 1909 г. Бакст жыў пераважна ў Парыжы. Быў вядучым дэкаратарам “рускіх сезонаў за мяжой” С.П.Дзягілева, займаўся эскізамі дэкарацый і мадэліраваннем адзення для балетаў “Клеапатра” (1909), “Шэхерэзада” і “Жар-птушка” (1910), “Нарцыз” (1911), “Дафніс і Хлоя” (1912). У 1910-1920-я гады мастак працаваў у тэатрах Лондана, Нью-Йорка, Бруселя, Рыма.

Як жывапісец выстаўляўся з 1898 года (дарэчы, з 1889 г. падпісваў свае работы “Бакст” – ад Бакстэр – прозвішча бабулі па мацярынскай лініі) у Берліне, Празе, Вене, Венецыі, Рыме, Парыжы, Мюнхене. Пісаў сюжэтна-тэматычныя работы, дэкаратыўныя пано, пейзажы, партрэты.

Аўтар тэарэтычных прац у галіне мастацтва. У 1914 г. абраны членам Імператарскай акадэміі мастацтваў. Кавалер ордэна Пачэснага легіёна (1914).

Памёр 27 снежня 1924 г. ад ацёку лёгкіх у Парыжы. Зараз яго імем названа адна з вуліц сталіцы Францыі.