Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў (Быкаў Васіль Уладзіміравіч, 19.06.1924, в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці - 22.06.2003), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў экстэрнам Кубліцкую СШ. Вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча (1939-1940гг.). У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў складзе інжынернага батальёна ўдзельнічаў у будаўніцтве абарончых збудаванняў. Са жніўня 1942г. - курсант Саратаўскага пяхотнага вучылішча (скончыў у 1943г.). Як камандзір узвода аўтаматчыкаў і ўзвода палкавой, затым армейскай артылерыі ўдзельнічаў у баях на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Быў двойчы паранены. З дзеючай арміяй прайшоў Балгарыю, Румынію, Югаславію, Аўстрыю. Служыў на Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.

Пасля дэмабілізацыі (1947г.) жыў у Гродне. Працаваў мастаком у гродзенскіх мастацкіх майстэрнях, а таксама ў рэдакцыі абласной газеты “Гродзенская праўда”. У 1949-1955гг. - зноў на ваеннай службе.

У 1956-1972гг. - літсупрацоўнік, затым літкансультант газеты “Гродзенская праўда”, у 1972-1978гг. - сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. (У Гродне сям’я Быкава змяніла тры кватэры: вул. Вялікая Траецкая (колішняя Алега Кашавога), д. 28, кв. 30.; вул. Свярдлова, д. 18, кв. 30.; вул. Парыжскай Камуны, д. 9, кв. 11.). У 1978г. пераехаў у Мінск.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1978-1989гг. У 1989г. абраны дэпутатам З’езда народных дэпутатаў СССР, увайшоў у Міжрэгіянальную дэпутацкую групу. Быў прэзідэнтам беларускага ПЭН- цэнтра. У 1990-1993гг. - прэзідэнт Аб’яднання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. З канца 1997г. жыў за мяжой.

Творчасць пісьменніка шырока вядомая за межамі Беларусі. Кнігі В.Быкава выходзілі на 50 мовах свету. Агульны тыраж выданняў склаў больш за 3 млн. экз. Паводле твораў Быкава створаны кінафільмы (“Узыходжанне”, “Знак бяды”, “У тумане”; апошні атрымаў шэраг высокіх узнагарод на міжнародных кінафестывалях - Канскім, Адэскім, Хабараўскім, Ерэванскім і інш.), а таксама спектаклі, балет, опера. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы: “Трэцяя ракета” (1963), “Альпійская балада” (1966), “Дажыць да світання” (1975), “Воўчая зграя” (1976), “Абеліск” (1977), 3-серыйны тэлефільм “Доўгія вёрсты вайны” (1976).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я.Коласа (1964г., аповесць “Трэцяя ракета”), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, “Абеліск” і “Дажыць да світання”), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я.Коласа (1978, “Воўчая зграя”, “Яго батальён”), Ленінскай прэміі (1986, “Знак бяды”).

Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.