Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Давыд Гарадзенскі

Давыд Гарадзенскі

Давыд Гарадзенскі (каля 1283 - 1326), палкаводзец і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, стараста гарадзенскі. Сын ураджэнца Нальшчанскай зямлі, пскоўскага князя Даўмонта, які праславіў сваё імя перамогамі над крыжакамі, і княжны Марыі Дзмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага. Пасля смерці бацькі ў 1299г. перабраўся ў Гародню, дзе паступіў на службу да вялікага князя літоўскага Віценя ў якасці кашталяна-каменданта Гарадзенскай крэпасці.

Прызнаннем яго дзяржаўных і вайсковых заслуг было тое, што вялікі князь Гедзімін аддаў за Давыда замуж сваю дачку Біруту, даў права карыстацца асобным удзелам.

Разам з Гедзімінам разбіў каля Гародні (1305г.) войскі каменданта Брандэнбурга комтура Конрада Ліхтэнхагена. Давыд узначаліў паспяховую абарону Гарадзенскага замка (1306г.), які аблажылі 6 тыс. лёгкіх коннікаў і сотня цяжка ўзброеных рыцараў пад камандаваннем комтура Караляўца (Кёнігсберга) Эберхарда Вірненбурга. У 1314г. разбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, і знішчыў увесь варожы абоз, захапіў 1500 коней і ваенную амуніцыю. Дваццаць пяць гадоў абараняў дарогу ў Панямонне. Біў рыцараў Давыд не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў самым логаве тэўтонаў - Прусіі. У 1318г. (1319г.?) ён узначаліў туды паход гарадзенскай дружыны і заваяваў вобласць Вегенштоф, якую абаранялі комтуры Ульрых Дрымбе і Фрыдрых Квітц. У 1322г. дапамог Пскову ў барацьбе з Лівонскім ордэнам, у 1323г. разбіў пад яго сценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвеля (Талін). У тым самым годзе яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія асаджалі горад 18 дзён, а потым разбіў іх. У 1324г. Давыд правёў удалы паход войскаў ВКЛ у Мазовію, а ў 1326г. на чале з атрадам 1200 коннікаў, сярод якіх былі і палякі, зрабіў кінжальны рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. Крыжакі аказаліся няздольнымі перамагчы палкаводца. Яны ўзненавідзелі мужнага военачальніка, непераможнага Давыда Гарадзенскага. Падкупілі мазавецкага рыцара Андрэя Госта, які па-здрадніцку - ударам дзіды ў спіну - забіў гарадзенскага кашталяна. Смерць гэтага мужнага чалавека, вопытнага і таленавітага палкаводца, была вялікай стратай для гарадзенцаў.

Паводле падання, ён пахаваны каля сцен Барысаглебскага манастыра. Сёння каля храма стаіць помнік легендарнаму гродзенскаму кашталяну Давыду Гарадзенскаму.