Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Каліноўскі Кастусь

Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі (Каліноўскі Канстанцін Вікенцій Сямёнавіч; 02.02.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяводства, Польшча - 22.03.1864), рэвалюцыянер-дэмакрат пачатку 1860-х г., публіцыст, паэт, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864гг. у Польшчы, Беларусі і Літве.

Паходзіў са шляхецкага роду Каліноўскіх герба “Калінава”. З 1849 г. жыў у фальварку Акушоўка, каля мястэчка Свіслач Ваўкавыскага павета, дзе прайшлі дзіцячыя гады. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852 г.), Пецярбургскі ўніверсітэт (1860 г.). У час вучобы прымаў удзел у дзейнасці рэвалюцыйнай арганізацыі пад кіраўніцтвам З.Серакоўскага і Я.Дамброўскага. У пачатку 1861 г. вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзброенага паўстання.

У 1861-1862 гг. К.Каліноўскі стварыў у Гродна (пражываў на Саборнай вуліцы, цяпер вул.Савецкая,7) і Гродзенскай губерні нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю, у якую ўвайшлі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі Ф.Ражанскі, І.Мілевіч, В.Урублеўскі.

Адзін са стваральнікаў Камітэта руху (з 1862г. – Літоўскі правінцыйны камітэт) – віленскага цэнтра па падрыхтоўцы ўзброенага паўстання на тэрыторыі Беларусі і Літвы, узначальваў у ім левую рэвалюцыйна-дэмакратычную плынь “чырвоных”. З 01.02.1863 г. – кіраўнік Часовага правінцыйнага ўрада Літвы і Беларусі. У сакавіку 1863 г. накіраваны на пасаду рэвалюцыйнага камісара Гродзенскага ваяводства. Са жніўня 1863 г. – на чале ўзброенай барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага камітэта Літвы, атрымаў паўнамоцтвы камісара Варшаўскага ўрада ў Вільні.

К.Каліноўскі разам з В.Урублеўскім і Ф.Ражанскім заснаваў нелегальную друкарню і наладзіў выпуск першай беларускай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты “Мужыцкая праўда”, большасць матэрыялаў якой сам напісаў пад псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Усяго выйшла 7 нумароў. У 1863-1864 гг. ім выдаваліся таксама газеты “Choritgiew swobody” (“Сцяг свабоды”), “Голас з Літвы”.

Садзейнічаў станаўленню беларускай літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі беларускай літаратуры сталі яго публіцыстыка (“Лісты з-пад шыбеніцы”) і вершы (“Марыська чарнаброва, галубка мая”, прысвечаны нарачонай Марыі Ямант і “Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці”). Пераклаў на беларускую мову з польскай рэвалюцыйныя песні (мазурка Дамброўскага, “Яшчэ Польшча не загінула” і інш.).

За ўдзел у паўстанні К.Каліноўскі быў арыштаваны і асуджаны ваенна-палявым судом да смяротнага пакарання. Павешаны ў Вільні на гандлёвай плошчы Лукішкі.

Імя К.Каліноўскага носіць адна з вуліц г. Гродна. У г. Свіслач ўстаноўлены помнік нацыянальнаму герою, в.Ліхасельцы Свіслацкага раёна зараз называецца в.Каліноўская.