Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Карловіч Мечыслаў

Карловіч Мечыслаў

Карловіч Мечыслаў (1876, в.Вішнева Смаргонскага р-на - 8.2.1909), знакаміты польскі кампазітар, дырыжор.

Дзяцінства М.Карловіча прайшло ў вялікім панскім доме на беразе Вішнеўскага возера. Першымі музычнымі ўражаннямі будучага кампазітара былі беларускія і польскія народныя песні, якія яму спявалі няня і маці. Яго бацька, Ян Карловіч, - вядомы мовазнаўца, этнограф, фалькларыст, музыкант. Маці, Ірэна з Сулістроўскіх, была адукаванай жанчынай і таленавітай спявачкай. У пяцігадовым узросце Мечыслаў пачаў вучыцца ў бацькі ігры на скрыпцы.

У 1887 г. Карловічы пераехалі ў Варшаву.

У 1888 г. Мечыслаў паступіў у рэальнае вучылішча. Адначасова ён працягваў сур'ёзна займацца музыкай. Браў урокі ігры на скрыпцы, а ў 1889 г. стаў вучнем С. Барцэвіча, выхаванца Маскоўскай кансерваторыі, сябра і вучня П.І.Чайкоўскага. 3 1890 г. вучыцца іграць на фартэпіяна. Вывучае музычна-тэатральныя дысцыпліны.

Да 1891 г. адносіцца першы твор маладога кампазітара, які дайшоў да нас. Гэта “Вячэрняя песня” для скрыпкі і фартэпіяна, прысвечаная бацьку. Тады ж Карловіч напісаў песню “Цудоўная кветка” на словы Ч. Янкоўскага.

Было ў М. Карловіча яшчэ адно захапленне. Падлеткам ён першы раз зрабіў узыходжанне на снежныя вяршыні Татраў. Быў членам “Татранскага таварыства”. У 1892 г. ў “Кур’еры закапанскім” ён разам з Янушам Хмялеўскім надрукаваў першыя літаратурныя артыкулы, прысвечаныя Татрам. Захапленне гарамі нарадзіла і захапленне фатаграфіяй.

Песні і рамансы М.Карловіча пачынаюць набываць папулярнасць. У 1897 г. выйшаў яго сшытак вакальных твораў, а ў сімфанічным канцэрце Варшаўскага музычнага таварыства ўпершыню была выканана яго серэнада з чатырох частак для струннага аркестра. У 1898 г. выйшаў з друку другі сшытак песень і рамансаў, а ў 1899 г. — трэці. 7.12.1900 г. у Варшаве пад кіраўніцтвам Э. Млынарэка ўпершыню быў выкананы сімфанічны пралог Карловіча да п’есы І.Навінскага "Белая галубка".

У Варшаве пачалася і дырыжорская дзейнасць М.Карловіча. Гэта было звязана з адкрыццём Варшаўскай філармоніі. У канцы 1902 г. пры Варшаўскім музычным таварыстве ён арганізаваў вялікі струнны аркестр, з якім выступаў як дырыжор (1903–1905).

У маі 1905 г. М. Карловіча выбралі дырэктарам Варшаўскага музычнага таварыства. На гэтай пасадзе ён многа зрабіў для папулярызацыі творчасці польскіх кампазітараў. З 1906 г. – удзельнік групы кампазітараў “Маладая Польшча”. У студзені 1906 г. скончыў партытуру сімфанічнага трыпціха “Адвечныя песні”, а восенню – працу над новым сімфанічным творам “Літоўская рапсодыя”. У яе аснове – беларускія народныя мелодыі, якія кампазітар чуў у ваколіцах Вішнева. Сюды ён прыязджаў амаль кожнае лета да 1903 г., спачатку на канікулы, а потым на адпачынак. Разам з леснікамі плаваў на Вішнеўскім і Свірскім азёрах, многа фатаграфаваў, размаўляў з людзьмі, пераймаў іх дыялект, запісваў народныя мелодыі. А вечарамі браў скрыпку, ішоў у парк і іграў Чайкоўскага, Грыга, Вагнера, Штрауса – сваіх любімых кампазітараў

М. Карловіч быў кампазітарам-наватарам, які заклаў падмурак для шырокага выкарыстання найноўшых еўрапейскіх тэхнік інструментоўкі; першым буйным сімфаністам у гісторыі польскай музыкі.