Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Карскі Яўхім Фёдаравіч

Карскі Яўхім Фёдаравіч

Карскі Яўхім Фёдаравіч (20.12.1860, в.Лаша Гродзенскага р-на – 29.4.1931), заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Першы беларускі акадэмік. Акадэмік Пецярбургскай АН (1916, член-карэспандэнт з 1901), правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922), Чэшскай АН (1929).

Нарадзіўся ў мнагадзетнай сям’і вясковага настаўніка, які ў пошуках лепшай долі не раз пераязджаў з месца на месца (Лаша на Гродзеншчыне, Ятра і Бярозавец на Навагрудчыне, Волма на Міншчыне), што дазволіла будучаму вучонаму з маленства глыбей спазнаць Беларусь і яе духоўную культуру. Пачатковую адукацыю атрымаў у Ятранскім народным вучылішчы. На вучобу ў гімназіі не было сродкаў, таму паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, а потым – у семінарыю. У семінарскія часы даваў прыватныя ўрокі, каб матэрыяльна дапамагчы сям’і. Пасля заканчэння вучобы ў семінарыі (1881), паступіў на казённы кошт у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут на Ўкраіне, дзе ў свой час у колішнім юрыдычным ліцэі вучыўся Ф. Багушэвіч. Пасля бліскучага заканчэння інстытута (1885) уладкаваўся на працу ў Вільні, дзе на працягу 8 гадоў выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў 2-й Віленскай гімназіі. У 1891 годзе здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз 2 гады Савет Кіеўскага ўніверсітэта прысудзіў яму за даследаванні беларускай мовы вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускай мове). У 1893 годзе Я. Карскі перабраўся ў Варшаву і надоўга звязаў свой лёс з Варшаўскім універсітэтам: спачатку працаваў выкладчыкам-лектарам, з 1894 года – экстраардынарны (з 1897 ардынарны) прафесар кафедры рускай і славянскай мовы і рускай літаратуры. За працы ў беларусазнаўстве ў 1894 годзе ўзнагароджаны вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. У 1896 годзе за даследаванне “Заходнерускія пераклады псалтыра ў XV— XVII ст.” савет Маскоўскага ўніверсітэта прысудзіў яму вучоную ступень доктара філалогіі. Ён быў абраны членам Археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Таварыства аматараў старажытнага пісьменства (1898). У 1901 годзе за працы ў галіне палеаграфіі Пецярбургская АН узнагародзіла яго малой Ламаносаўскай прэміяй. У 1905 годзе ён узначаліў найбольш буйны філалагічны часопіс тагачаснай Расіі – “Русский филологический вестник”, дзе змясціў шмат сваіх навуковых прац і бібліяграфічных матэрыялаў. У гэтым жа годзе стаў першым выбраным рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта. У 1908 годзе пераабраны на новы тэрмін, але ў 1910 годзе адмовіўся ад гэтай пасады ў знак пратэсту супраць самавольства міністра Касо. У 1915-1916 гадах працаваў у Растове-на Доне, куды быў эвакуіраваны Варшаўскі ўніверсітэт, а пасля выбрання правадзейным членам АН (1916) пераехаў у Петраград. Потым пераехаў у Мінск, дзе яго застала польская акупацыя. Акупацыйныя ўлады, каб прыцягнуць сусветна вядомага вучонага на свой бок, прапанавалі яму пенсію, але Я. Карскі адмовіўся і жыў на мізэрныя ганарары, якія атрымліваў за публікацыю ў беларускіх газетах артыкулаў па гісторыі роднай літаратуры і культуры. У снежні 1919 года пабываў у Варшаве, адкуль перавёз у Мінск сваю бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму ўніверсітэту.

Пасля вызвалення Мінска (ліпень 1920) вярнуўся ў Петраград, дзе стаў адным з арганізатараў акадэмічнай навукі. Ён быў членам Праўлення і Прэзідыума АН, дырэктарам Музея антрапалогіі і этнаграфіі, старшынёй Слоўнікавай камісіі, Камісіі па рускай мове, членам камісіі “Навука і навуковыя работнікі”, рэдактарам часопіса “Известия ОРЯС” (з 1928 “Известия по ОРЯС”) Акадэміі навук, членам акадэмічнага Рэдакцыйна-выдавецкага савета, прафесарам філалагічнага факультэта Петраградскага (Ленінградскага) ўніверсітэта, супрацоўнікам універсітэцкага Навукова-даследчага інстытута. Я. Карскі шмат зрабіў у гэты перыяд для пашырэння міжнародных сувязей савецкай славістычнай навукі, быў дэлегатам 1-га міжнароднага з'езда славянскіх географаў і этнографаў у Празе (1924), выбіраўся ганаровым членам Таварыства аматараў расійскай славеснасці (1925), Таварыства пісьменства і мастацтва ў Ленінградзе (1927).

Ужо ў студэнцкія гады Я.Карскі выявіў схільнасць да навуковай творчасці, у чым яго заахвочвалі інстытуцкія прафесары. Тады ж ён надрукаваў першыя свае навуковыя працы (рэцэнзіі, фальклорныя запісы з в.Бярозавец) і прыступіў да задуманага яшчэ ў 1881 годе манаграфічнага даследавання роднай беларускай мовы, у выніку чаго з'явілася яго праца “Агляд гукаў і форм беларускай мовы”, якая адыграла важную ролю) як у творчай біяграфіі даследчыка, так і ў станаўленні беларускай нацыянальнай культуры. Я. Карскі ўнёс вялікі ўклад у беларускую і рускую філалагічную навуку. Даследаваў палеаграфію, гісторыю беларускай мовы, дыялекталогію, этнаграфію, вусную народную творчасць, старажытную і сучасную беларускую літаратуру. Сапраўднай энцыклапедыяй беларусазнаўства стала фундаментальная трохтомная праца “Беларусы” (у 7 вып.; 1903-1922), у якой на аснове глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання гісторыі мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвяковай культуры беларускага народа ўпершыню была навукова абгрунтавана яго нацыянальная самабытнасць як самастойнага славянскага народа. Аўтар грунтоўных даследаванняў “Славянская кірылаўская палеаграфія”, “Руская праўда” паводле старажытнага спісу і інш. Пад яго рэдакцыяй выйшлі навуковыя выданні каштоўных помнікаў пісьменства і культуры ў “Поўным зборы рускіх летапісаў” (“Аповесць мінулых гадоў”, Суздальскі летапіс).

Асобна трэба адзначыць ўклад Я. Карскага ў арганізацыю навукі ў Беларусі і развіццё беларускай культуры. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час ён склаў праграму вывучэння беларускай мовы, супрацоўнічаў з П. Шэйнам, М. Нікіфароўскім, Е. Раманавым, падтрымліваў першыя беларускія выдавецтвы, “Нашу ніву” і навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. У савецкі час быў старшынёй камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, правадзейным членам Інбелкульта (удзельнічаў у распрацоўцы яго статута).

Ацалелая частка асабістага архіва Я. Карскага захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскім аддзяленні Архіва Расійскай АН. Бібліятэка, перададзеная ў 1922 годзе БДУ, зберагаецца асобнай калекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (у гады Вялікай Айчыннай вайны часткова страчана).

Яго імем названы Гродзенская абласная навуковая бібліятэка, вуліца ў Гродне. У Гродзенскай гімназіі імя Я.Ф.Карскага дзейнічае тэматычны музей.