Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Кныш Рэнальд Іванавіч

Кныш Рэнальд Іванавіч

Кныш Рэнальд Іванавіч (10.09.1931, г.п.Капыль Мінскай вобласці), беларускі трэнер па спартыўнай гімнастыцы. Заслужаны трэнер СССР і Беларусі. Сярод выхаванцаў – алімпійскія чэмпіёнкі В.Корбут і А.Валчэцкая.

Рэнальд Кныш нарадзіўся ў Капылі. Затым сям'я пераехала ў Жлобінскі раён у вёску Старая Руда. Кныш успамінае, што ў пачатку вайны яму было дзесяць гадоў, і ён выразна памятае чэрвень 1941 года. Ніхто ў іх вёсцы не сумняваўся, што Чырвоная армія ўсіх мацней і праз два-тры тыдні, максімум праз месяц, яна ўсіх пераможа. Але дзён праз пяць неба стала “бухаць” ад разрываў снарадаў, вайна падыходзіла і да іх дома. Сям'я Кныш паспела эвакуіравацца ў Арэнбургскую вобласць, а пасля вайны вярнулася дадому.

У першыя пасляваенныя гады вядучыя гімнасты рэспублікі шмат ездзілі з паказальнымі выступленнямі, бывалі і ў Гродне. Убачыўшы майстроў, Кныш запісаўся ў секцыю, збудаваў некалькі снарадаў дома. У дзесятым класе ён стаў чэмпіёнам рэспублікі сярод юніёраў.

Вучоба ў Мінскім інстытуце фізкультуры перапынілася на трэцім курсе па прычыне наймацнейшага рэўматызму. Вярнуўшыся дадому Кныш пачаў трэніраваць гімнастаў і гімнастак. Зрабіў акцэнт на лета, калі ўсе трэнеры распускалі групы на перыяд уласных адпачынкаў, - і ўжо ўвосень на рэспубліцы здзівіў усіх, прывёзшы нядаўніх другаразрадніц з праграмамі майстроў.

Кныш вывеў на арбіту дзве свае надзеі – Аляксееву і Валчэцкую, у кожнай з якіх бачыў патэнцыйных алімпійскіх чэмпіёнак. Але чэмпіёнкі, калі не браць пад увагу камандную медаль Валчэцкай, не адбыліся – на збор перад Токіо дзяўчат выклікалі без трэнера і за два месяцы зламалі абедзве праграмы.

Спартовае шчасце Рэнальда Кныша ў поўным аб'ёме сышлося на Вользе Корбут. Усе навінкі з Корбут Кныш на трэніровачных зборах не паказваў, пакідаючы для спаборніцтваў. Стаўка была зроблена на раптоўнасць і абсалютную публічнасць. І яму гэта ўдалося!