Дзяржаўная ўстанова культуры

«Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага»

Iнфармацыйны бібліятэчны вебпартал

«Любіце кнігу, бо яна - крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы»

Францыск Скарына

Легенды Гродзеншчыны

галерэя знакамітых асоб

Галоўная

Віталь Ілліч Крэмко

Віталь Ілліч Крэмко

Віталь Ілліч Крэмко (01.01.1941, в.Беражна Карэліцкага раёна - 03.04. 2009), старшыня СВК “Кастрычнік - Гродна” Гродзенскага раёна, Герой Беларусі.

У 1958 г. скончыў Турэцкую сярэднюю школу, працаваў у калгасе імя Чарняхоўскага Карэліцкага раёна, затым – на Карэліцкім вапнавым заводзе. Пасля арміі зноў вярнуўся ў калгас. У 1967 г. скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум і па размеркаванні трапіў у Гродзенскі раён. Працаваў аграномам калгаса “Камсамолец”. З 1969 па 1984 – загадчык вытворчага ўчастка, намеснік старшыні калгаса “Прагрэс”. У 1978 годзе скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці “вучоны-аграном”. З верасня 1984 года – старшыня калгаса “Кастрычнік” Гродзенскага раёна (з ліпеня 2003 года – сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Кастрычнік-Гродна”).

Кампетэнтны, таленавіты арганізатар, валявы, энергічны і мэтанакіраваны кіраўнік, ён змог на ўзроўні сучасных патрабаванняў стварыць вытворчую і сацыяльную базу, высокаэфектыўнае, канкурэнтаздольнае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Дзякуючы яго вялікай адказнасці, гаспадарскаму падыходу да справы, пастаяннаму пошуку перадавых прыёмаў вытворчасці, асаблівай здольнасці пралічваць і аналізаваць сітуацыю на перспектыву, сельскагаспадарчае калектыўнае прадпрыемства “Кастрычнік- Гродна” набыло статус адной з лепшых гаспадарак Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемства выйшла на еўрапейскі ўзровень эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці і з’яўляецца школай перадавога вопыту.

В.Крэмко распрацаваў і ажыццявіў вялікую частку праграмы будаўніцтва прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі ў высакаякасныя харчовыя тавары. За сродкі гаспадаркі пабудаваны: сумеснае з аўстрыйскай фірмай прадпрыемства па вытворчасці цукерак, каўбасны цэх, пякарня, малочны цэх, сучасны цэнтр фірменнага гандлю ў г. Гродна.

Праведзена рэканструкцыя цаглянага завода, які належыць гаспадарцы, двух крам г. Гродна.

Яго праца атрымала высокую ацэнку на дзяржаўным узроўні. У 1970 годзе ўзнагароджаны медалём “За доблесную працу”, у 1971 і 1981 гг. – ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1987 г. – ордэнам Леніна. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (1996 г.).

Званне Герой Беларусі прысвоена 30 чэрвеня 2001 г. У 2004 г. прызнаны мецэнатам Гродзенскай вобласці, дзякуючы якому аказваецца падтрымка культуры і мастацтву.

У маі 2010 г. у цэнтры в. Квасоўка Гродзенскага раёна ўстаноўлены помнік В. Крэмко. З кастрычніка 2010 г. па рашэнні Сходу ўпаўнаважаных СВК “Кастрычнік-Гродна” перайменаваны ў СВК імя В.І. Крэмко.

Пахаваны на цэнтральнай алеі гарадскіх могілак у Гродна.